top of page

Жабко Вера Iльiнiчна

нарадзiлася 4.11.1938 г. у вёсцы Лiхасельцы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласцi ў сям’i сялян.

Дзяцiнства яе было апалена вайной. З малых год прыйшлося працаваць: спачатку дапамагаць бацькам па гаспадарцы, а потым у калгасе.

У 1946 г. яна пайшла вучыцца ў 1 клас. У 1953 годзе закончыла сямiгодку, пазней вучылася ў вячэрняй школе i атрымала сярэднюю адукацыю. Працоўная дзейнасць пачыналася ў калгасе. Вера Iльiнiчна вельмi працавiтая, актыўная i дасцiпная. У калгасе яе назначылi звеньявой, а пазней стала працаваць даяркай. Выйшла замуж, нарадзiла двух сыноў. З 1974 года i па 1994, аж да пенсii, працавала загадчыкам вясковага магазiна.

У вёсцы Веру Iльiнiчну паважаюць за яе аптымiзм, няўрымслiвасць. Яна i зараз паспявае ўсюды: дапамагаць дзецям i ўнукам, спяваць у царкоўным хоры, па-ранейшаму працаваць на зямлi. Амаль кожны вечар да яе прыходзяць аднавяскоўцы, каб падзялiцца навiнамi, каб падняць настрой. А калi ў доме Веры Iльiнiчны наладжваюцца кросны, дык адбываюцца сапраўдныя вячоркi, пра якiя засталiся ўспамiны з маладосцi. Калi размаўляеш з гэтай жанчыный, то забываешся пра яе ўзрост. Перастаеш заўважаць сiвiзну валасоў, маршчыны на твары, спрацаваныя рукi. А бачыш па-маладому задорныя вочы чалавека, якому падабаецца жыць, якi ўмее жыць, чалавека таленавiтага, якi здольны запалiць iскрынку цiкаўнасцi ў iншых i перадаць iм свой вопыт, сваё ўменне.

 

bottom of page