top of page

Хайко Алена Васiльеўна

 Алена Васiлеўна нарадзiлася 9.01.1934 г. у вёсцы Лiхасельцы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласцi ў сям’i сялян. 

 

- Хто вас навучыў ткаць?

- Недзе з пяцi год мы гулялi так: залазiлi пад стол , да ножкi прывязвалi кудзелю i «пралi» на верацяно. Калi падрасла, стала назiраць , як прала, ткала мама, старэйшая сястра. Перш чым ткаць, трэба было пасеяць i апрацаваць лён. Праца гэта вельмi цяжкая. А ткаць пачыналi позняй восенню цi нават зiмой.

- З якiх год вы сталi ткаць самастойна?

- З 10 год  пачала вучыцца ткаць ад старэйшай сястры Марыi (1929-        2002 гг). У 14 год ужо ткала пераборамi.

- Якое палатно ткалi?

- Пачыналi з простага двухнiтовага,  бо з яго шылi сарочкi i самае неабходнае, далей палатно у кругi , у радочкi (на штаны).

- Як выкарыстоўвалiся вырабы вашай працы?

 - Як я ўжо казала, перш за ўсё для адзення. Калi для гэтага палатна было дастаткова, тады пачыналi ткаць ручнiкi. Спачатку для бытавых патрэб, пасля для вяселляў i, нарэшце, каб упрыгожыць хату. З самых старых рэчаў захавалiся ў мяне два ручнiкi (1952 г.).

Настольнiкi ткалi ў чатыры нiты з дзвюх полак, злучалi прошвамi. Захаваўся ў мяне i настольнiк як  узор ажурнага ткацтва (1903 г.).

Посцiлкi ткалi, каб упрыгожыць iмi хату. Гэтая праца захапляла. Суседка ўмела ткаць пераборамi, вучылiся ў яе, потым самi спрабавалi. Калi пайшла на пенсiю, з’явiлася больш часу i захацелася зноў ткаць.

- А дзе вы бралi ўзоры? Цi ўкладвалi вы ў iх якi-небудзь сэнс?

- Узоры бралi ў суседзяў, у сваякоў, з рэчаў, якiя траплялiся на вочы. Падбiралi колер, трошкi фантазiравалi. Мы не задумвалiся, што ўзор можа нешта значыць, проста бачылi, што гэта прыгожа.

- А зараз вы яшчэ сядзiце за кроснамi?

- У мiнулым годзе ткалi ходнiкi, палатно для мяшкоў.

- Цi ёсць у вас вучанiцы, якiм бы вы змаглi перадаць сваё ўменне?

- На жаль, мае ўнучкi жывуць далёка, але ў вёсцы ёсць аднадумцы, сярод якiх i маладая жанчына.

bottom of page