top of page

- Вольга Мікалаеўна, хто навучыў вас плесці паясы?

 

Гэта было ў 1999 годзе, калі мне давялося прысутнічаць на семінары працаўнікоў культуры ў горадзе Бяроза.Мы мелі магчымасць пазнаёміцца з рознымі відамі народнага мастацтва: з бандарствам, саломапляценнем, ганчарствам і інш.Мяне найбольш  уразілі і зацікавілі паясы, якія прадстаўляла майстар па ткацтву Зданевіч Таццяна Мікалаеўна, член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь. Яна між іншым паказала тэхніку пляцення паясоў. Пасля гэтага я вырашыла сама паспрабаваць. Разам з мужам доўга майстравалі бердзечка (яно да гэтага часу захоўваецца ), метадам спроб і памылак стала распрацоўваць узоры, спачатку простыя, затым больш складаныя. Вучылася па кнігах, часопісах. Навучылася сама і стала вучыць дзяцей.

А яшчэ з дзяцінства помню калыску, якая была падвешана да столі, а трымалася яна, як мне здавалася, на незвычайных прыгожых вяровачках. І толькі зараз я зразумела, што гэта былі паясы. Ужо тады, яшчэ не ўсвядомлена, я любавалася імі.

 

 - Якой тэхнікай вырабу паясоў вы валодаеце?

Умею плесці на бердзечку, на пальцах, на калодачцы, на дошчачках, на нітах. Узоры для паясоў у апошні час стала распрацоўваць і падбіраць сама.

 - Ці прапагандуеце вы сваё майстэрства?

Мяне запрашаюць весці курсы ў Брэсце. Паясы, зробленыя мною, выстаўляюцца ў Кобрыне, Брэсце, Мінску. Брала ўдзел у Дажынках, у святкаванні 600-годдзя Белавежскай пушчы і іншых мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштаба.

Я з задавальненнем расказваю зацікаýленым людзям усё, што ведаю пра пляценне паясоў, дапамагаю авалодаць сакрэтамі іх вырабу. Са мною ў класе школы народнага майстэрства займаюцца 14 дзяўчынак. Я думаю, што гэта справа не прападзе, а застанецца i будзе развiвацца маiмi вучнямi.

bottom of page